БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ у Вялікую Айчынную вайну. Створаны 20.10.1943 у выніку перайменавання Цэнтральнага фронту, дзейнічаў на Гомельска-Бабруйскім напрамку. Камандуючы ген. арміі К.К.Ракасоўскі, чл. ваен. савета ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. Уваходзілі арміі: 3, 10, 11, 47, 48, 50, 61, 63, 65, 69, 70, 16-я паветр. і Дняпроўская ваенная флатылія. Войскі фронту правялі Гомельска-Рэчыцкую аперацыю 1943, Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю 1944. 17.2.1944 у сувязі са стварэннем на Ковельскім напрамку Беларускага фронту другога Беларускі фронт перайменаваны ў Беларускі фронт першы. 5.4.1944 у сувязі са скасаваннем 2-га Бел. фронту Беларускі фронт адноўлены. 16.4.1944 зноў перайменаваны ў 1-ы Бел. фронт.

М.І.Камінскі.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)